Некаторыя навіны можна даведацца толькі з варожых рэсурсаў — Мірсалімава

Эльвіра Мірсалімава

Эльвіра Мірсалімава / фота з яе старонкі ў Facebook

У Расіі прапануюць увесці пакаранне нават за пошук у інтэрнэце так званых "экстрэмісцкіх матэрыялаў", у тым ліку праз VPN-сэрвісы. Найперш гэта датычыць інфармацыі незалежных выданняў. Прарасійская актывістка з Віцебска Эльвіра Мірсалімава на прыкладзе Беларусі патлумачыла, чаму рабіць гэта няварта.

Рускамірныя актывісты сталі ўхваляць ініцыятыву і спасылацца на беларускі досвед, дзе караюць за падпіскі на незалежныя выданні. Мірсалімава запярэчыла ім: у рэальнасці ўсё выглядае не так прывабна.

"Па-першае, у нас некаторыя мясцовыя навіны можна даведацца толькі з варожых рэсурсаў, напрыклад, пра закрыццё чарговага завода ці калгаса, пра праблемы ў нейкім горадзе або населеным пункце. Справа ў тым, што белпрапаганда вельмі не любіць асвятляць усё праблемнае і непрывабнае. Праблемы ў іх выкананні — толькі ў Амерыцы, на Захадзе і ў Расіі. У Беларусі і Кітаі — "сацыялістычны рай", — піша Мірсалімава.

Па-другое, такую забарону можна лёгка выкарыстоўваць для звядзення асабістых рахункаў, напісаўшы данос.

Па-трэцяе, закон будзе працаваць не аднолькава для ўсіх. Мірсалімава згадала, што адну з чыноўніц за незамазаную свастыку ў сацсетках проста папрасілі выдаліць выяву, а саму актывістку ў падобным выпадку адправілі на двое сутак у ізалятар. Там яна была ў статусе "палітычнай", таму матрац ёй не выдалі (у лютым), без права перадач. Потым ёй прызначылі штраф.

"А зверху дадаткова "ашліфуюць" якім-небудзь Азаронкам, які вылье ў інтэрнэце і на тэлебачанні на цябе вядро бруду і паклёпу. Ну, і на працу ў дзяржустанову ўжо не возьмуць", — дадае Мірсалімава.

"Грамадства запалоханае, азлобленае, з падазрэннем глядзіць на кожнага чалавека", — апісвае рускамірная актывістка сітуацыю ў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.