Навошта беларускія чыноўнікі і суддзі ездзяць у Страсбург?
Падпісваць знакавыя канвенцыі Савета Еўропы Беларусь не хоча, але ў асобных праектах нашы чыноўнікі бяруць актыўны ўдзел
Даведка Еўрарадыё: Савет Еўропы — міжнародная арганізацыя, заснаваная ў 1949 годзе. Гэта цалкам самастойная арганізацыя, якая не ўваходзіць у сістэму Еўрапейскага саюза. Спрыяе супрацоўніцтву паміж усімі краінамі Еўропы ў галіне стандартаў правоў чалавека, дэмакратычнага развіцця, законнасці і культурнага ўзаемадзеяння. У Савет Еўропы ўваходзіць 47 краін, у тым ліку Расія. Найбольш вядомымі органамі Савета Еўропы з’яўляюцца Еўрапейскі суд па правах чалавека і Камісія Еўрапейскай фармакапеі. Беларусь не з’яўляецца сябрам Савета Еўропы, і яе грамадзяне не маюць права звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека.
Беларусь абавязкова з часам будзе сябрам Савета Еўропы, сцвярджалі практычна ўсе супрацоўнікі гэтай установы падчас сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Страсбургу. Магчыма, і будзе, але цяпер нават наш статус спецыяльна запрошанага госця “замарожаны”. І можна было б меркаваць, што кантактаў паміж Страсбургам і афіцыйным Мінскам няма ніякіх. На самай справе ўсё зусім не так.
Па словах кіраўніка дырэкцыі па палітычных пытаннях Савета Еўропы Аляксандра Гесэля, Беларусь падпісала шэраг канвенцый гэтай арганізацыі і актыўна па іх супрацоўнічае. І нават дазваляе еўрапейскім камісіям прыязджаць і маніторыць выкананне нашай краінай падпісаных канвенцый. Тую ж канвенцыю па супрацьдзеянні карупцыі ці “антытрафікавую” канвенцыю.
Аляксандр Гесэль
Як стала вядома Еўрарадыё ад аднаго з адказных супрацоўнікаў Савета Еўропы, Мінску нават перыядычна прапаноўваюць падпісаць новыя канвенцыі, але…
“Да прыкладу, мы хацелі б, каб Беларусь падпісала канвенцыю аб супрацьдзеянні катаванняў. Пасля “Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека” гэтая канвенцыя стаіць на другім месцы па моцы. Гэта канвенцыя, якая дазваляе Камітэту па супрацьдзеянні катаванням у любы момант без запрашэння наведаць любое месца зняволення ў кожнай краіне, якая падпісала канвенцыю. Не толькі турмы: месцы папярэдняга зняволення, псіхіятрычныя лякарні — паўсюль можна прыехаць і без згоды ўладаў, без іх прысутнасці праінспектаваць стан здароўя любога зняволенага ў любы момант”.
Але як актыўна са Страсбурга гэтую канвенцыю прапануюць падпісаць, так актыўна афіцыйны Мінск адмаўляецца гэта рабіць. Нягледзячы на тое, што гэта перашкаджае нашай краіне далучыцца да іншых цікавых уладам канвенцый.
“Беларусь вельмі зацікаўленая ў так званых юрыдычных канвенцыях, якія дазваляюць між’юрыдычнае супрацоўніцтва, экстрадыцыю, пераслед злачынцаў за межамі краіны і гэтак далей. Але пакуль вы не далучыцеся да канвенцыі па супрацьдзеянні катаванням, ніхто не будзе выдаваць вам злачынцаў. Бо няма ніякіх гарантый у заходніх краін, што ў вашых турмах усё ў парадку, — усё ўзаемазалежна”.
Па словах каардынатара Фонду Усходняга партнёрства Савета Еўропы ўпраўлення Генеральнай дырэкцыі па праграмах Аркадзя Сыціна, нават распрацоўваецца “праект прыярытэтаў на 2015 год”, да праграм якога прапаноўваецца далучыцца і Беларусі. Але ўжо цяпер вядома, што да большасці з іх нашая краіна не далучыцца. Бо, да прыкладу, у “праекце па выбарах” павінныя браць удзел сябры ЦВК, а яны ўсе невыязныя.
Аркадзь Сыцін: “Ці яшчэ праект, звязаны з рэфармаваннем судовай сістэмы. Там таксама ёсць праблема невыязных і тое, што ўмовай з’яўляецца ўдзел у гэтым праекце грамадзянскай супольнасці. І па гэтым пытанні ў людзей, якія арганізуюць гэтыя праекты, няма паразумення з беларускімі ўладамі”.
Аркадзь Сыцін
Тым не менш з гэтых слоў бачна, што нават нягледзячы на “замарожаны” статус несябра Савета Еўропы, супрацоўніцтва ёсць. І на ўсе гэтыя праекты і праграмы з удзелам беларускіх чыноўнікаў выдаткоўваюцца еўрапейскія грошы. Больш за тое, ад аднаго з супрацоўнікаў генеральнай дырэкцыі па праграмах Еўрарадыё даведалася, што беларускія парламентарыі — даволі частыя госці ў Страсбургу. І не толькі яны. Кіраўнік Дэпартамента падтрымкі імплементацыі правоў чалавека на нацыянальным узроўні Таццяна Цермачыч кажа, што Савет Еўропы фінансуе і праводзіць семінары па вывучэнні норм еўрапейскага заканадаўства для беларускіх… суддзяў, пракурораў і следчых.
Таццяна Цермачыч: “Замераць узровень уплыву гэтага навучання вельмі складана. І мы разумеем, што з дапамогай аднаго ці двух семінараў мы не зменім усё адразу. Для нас важна, што ў Савета Еўропы ўжо два гады ёсць прамое супрацоўніцтва з Цэнтрам па павышэнні кваліфікацыі суддзяў. Бо да гэтага часу нам немагчыма было працаваць разам”.
Таццяна Цермачыч
І таму не звяртаецца ўвага на “паслужны спіс” таго ж суддзі — ці прымаў ён палітычна матываваныя рашэнні. Маўляў, тут рашэнне прымае Беларусь: каго дашле, з тым прадстаўнікі Савета Еўропы і праводзяць навучанне. І ў Страсбургу прымаюць тых, каго беларускія ўлады туды накіруюць. Галоўнае патрабаванне — каб суддзі не заставалася пару месяцаў да пенсіі і ён паспеў данесці атрыманыя веды да калег. А ўжо ці данясе…
І гэта на фоне таго, што Беларусь не падпісала канвенцыі па правах чалавека і Бюро камісара па правах чалавека Савета Еўропы мае з Беларуссю вельмі абмежаваныя стасункі.
“Камісар неактыўна займаўся Беларуссю таму, што Беларусь не з’яўляецца краінай-сябрам Савета Еўропы”, — прызнаецца намеснік дырэктара Бюро камісара па правах чалавека Баяна Урумава.
Баяна Урумава
Затое, кажа Урумава, камісар Нілс Муйжніекс запрашае на ўсе канферэнцыі па правах чалавека беларускіх праваабаронцаў і нават ў 2013 годзе напісаў адмысловы артыкул пра нашу краіну, у якой звярнуў увагу на неабходнасць міжнароднай падтрымкі для беларускіх… праваабаронцаў. І нагадаў пра жаданне еўрапейцаў, каб наша краіна далучылася да канвенцыі аб супрацьдзеянні катаванням. Сама ж Баяна Урумава была ў нашай краіне гэтым летам, брала ўдзел у семінары, прысвечаным увядзенню інстытута амбудсмена ў Беларусі. Вярнулася ўпэўненая, што такі інстытут хутка ў нас не з’явіцца.
Усе гэтыя замежныя паездкі беларускіх парламентарыяў ды юрыстаў са следчымі, усе семінары ў Мінску робяцца таму, сцвярджаюць прадстаўнікі Савета Еўропы, што Беларусь абавязкова стане сябрам гэтай арганізацыі. І да таго часу трэба зрабіць усё магчымае, каб нашае заканадаўства і нашыя службовыя асобы былі да гэтага далучэння гатовыя. Праўда, пакуль беларускі бок дзейнічае па прынцыпе “крэслы сёння, а грошы заўтра”.
Фота: Змітра Лукашука