Нават кружку з "Пагоняй" забралі — міліцыя Магілёва "ўзмацняе" прафілактыку

Сцяг на балконе шматпавярховіка​ / из архива Еврорадио
Сцяг на балконе шматпавярховіка​ / из архива Еврорадио

Да жыхара Магілёва Аляксея Барысава міліцыя прыйшла з-за сцяга, які вісеў у яго на балконе. Супрацоўнікі сказалі, што на мужчыну скардзяцца суседзі. З сабой у іх была санкцыя пракурора на агляд кватэры.

"Прычынай агляду кватэры і канфіскацыі рэчаў міліцыянты назвалі "прафілактычныя меры па недапушчэнні здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння",распавёў Барысаў парталу TUT.BY.

У выніку ў яго канфіскавалі не толькі сцяг, але і ўсе рэчы, дзе знайшлі БЧБ-сімволіку.

"Нават кружку з "Пагоняй ", якую мне на дзень нараджэння падарылі, і тую забралі", — распавядае Барысаў.

Акрамя таго, забралі перадвыбарчыя ўлёткі Святланы Ціханоўскай, а таксама ўсю тэхніку: ноўтбук, кампутар, тэлефон. Тэхніку, патлумачылі міліцыянты, будуць даследаваць "на прадмет правапарушэння". Наконт астатняй маёмасці Аляксею сказалі тэлефанаваць праз тыдзень.

У Мінску ў апошні час таксама абвастрылася барацьба са сцягамі на балконах. На мінулым тыдні штраф у трыццаць базавых велічыняў атрымаў за сцяг на лоджыі былы следчы Цэнтральнага раённага аддзялення СК Ілля Рокач. Суддзя палічыла, што гэта быў пікет.

Учора ў судах Мінска за такія "пікеты" на зашклёных лоджыях давалі ўжо суткі, паведамляе телеграм-канал "Спісы затрыманых".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.