Намеснік начальніка БЧ браў хабар сертыфікатамі на бытавую тэхніку

Суд / Суд / Еўрарадыё

Справа намесніка начальніка БЧ перададзеная ў суд

Генпракуратура накіравала ў суд крымінальную справу намесніка начальніка Беларускай чыгункі. Чыноўніка вінавацяць у атрыманні хабару (частка 3 артыкула 430 КК). Пры гэтым падкрэсліваецца, што пасада абвінавачанага ўваходзіць у кадравы рэестр Саўміна, таму яго дзеянні кваліфікуюцца як атрыманне хабару асобай, якая займае адказнае становішча.

У пракуратуры паведамілі таксама, што абвінавачаны браў хабар сертыфікатамі на бытавую тэхніку: "Згодна з матэрыяламі справы службовая асоба Беларускай чыгункі атрымала ў якасці хабару сертыфікаты на набыццё бытавой тэхнікі ў суме 5,5 тыс. рублёў за аказанне садзейнічання ў правядзенні тэхнічных выпрабаванняў і конкурсных працэдур пры закупцы рэек, а таксама за забеспячэнне своечасовай аплаты тавараў".

Раней паведамлялася пра затрыманне першага намесніка начальніка чыгункі Пятра Дулуба, а таксама намесніка начальніка Сяргея Сізіна. У МУС заяўлялі, што дома ў Дулуба знайшлі 3 мільёны долараў у валюце. Пазней стала вядома пра затрыманне трох падначаленых Дулуба.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.