Наглядчыка калоніі ў Віцьбе пасадзілі, бо ён купіў мабільнік для вязня
Калонія "Віцьба" / "Белсат"
Старшы лейтэнант унутранай службы, старшы інспектар кадравага і ідэалагічнага аддзела папраўчай калоніі №3 (Віцьба) Аляксей Баравы трапіў за краты пасля таго, як купіў мабільнік для аднаго з вязняў. Прысуд апублікаваны ў банку судовых рашэнняў, як заўважыў канал "Віцебск, я гуляю! / Навіны Віцебска".
Вязень з дапамогай тэлефона вырашыў зарабіць на інтэрнэт-біржы.
Праз маці іншага зняволенага ён перавёў 1150 рублёў на картку дзяўчыны інспектара. Баравы купіў Xiaomi Redmi Note 9 Pro за 380 рублёў, яшчэ на 230 рублёў купіў спартовае харчаванне для зняволенага, а 540 рублёў пакінуў сабе.
Тэлефон і харчаванне ён перадаў вязню ў бытавым пакоі калоніі. Пра гэта даведалася адміністрацыя папраўчай установы.
У прысудзе было пазначана, што незаконныя дзеянні Баравога прычынілі "істотную шкоду дзяржаўным інтарэсам": было дыскрэдытаванае званне супрацоўніка ўнутраных спраў, падарваны аўтарытэт і прэстыж органаў унутраных спраў.
Сам Баравы віну прызнаў часткова. Ён заявіў, што дапамог зняволенаму не з карыслівай зацікаўленасці.
Суд прызначыў яму тры гады калоніі агульнага рэжыму, аштрафаваў на 11 100 рублёў і пазбавіў звання "старшы лейтэнант унутранай службы". Дзякуючы амністыі тэрмін пакарання зменшаны на год.
Баравы абскарджваў прысуд. Тэрмін яму не скарацілі, але званне вярнулі.