На перамовах з Трампам Пуцін зноў запатрабаваў незахопленыя вобласці Данбаса

Путин и Трамп встретились на Аляске / Reuters
На перамовах з Дональдам Трампам, якія прайшлі на Алясцы, Уладзімір Пуцін зноў запатрабаваў перадаць Расіі не захопленыя ёю часткі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны. У адказ Крэмль нібыта адмовіцца ад прэтэнзій на тыя часткі Запарожскай і Херсонскай абласцей, якія таксама не змог захапіць. Вайна, такім чынам, будзе замарожана па лініі фронту, пішуць Bloomberg і The New York Times.
Акрамя таго, як паведамляе Axios, Пуцін запатрабаваў, каб ЗША прызналі захопленыя ўкраінскія тэрыторыі часткай Расіі. Уключна з Крымам.
На сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім у Вашынгтоне Трамп таксама запрасіў еўрапейскіх лідараў. Па даных NYT, ён хоча абмеркаваць з імі "план мірнага ўрэгулявання", які прадугледжвае тэрытарыяльныя саступкі з боку Украіны.
Паводле інфармацыі газеты, еўрапейцы імкнуцца не ўступаць у прамыя спрэчкі з Трампам, які настойвае не проста на спыненні агню, а на мірным пагадненні. А яно, на яго думку, сёння магчымае толькі на расійскіх умовах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.