На мяжы з Латвіяй з'явілася чарга з аўтобусаў на выезд з Беларусі

Памежны пераход Грыгараўшчына на мяжы з Латвіяй / Мытны камітэт
Невялікая аўтобусная чарга на выезд з Беларусі стварылася на мяжы з Латвіяй. Гэта адбылося пасля таго, як Польшча цалкам перакрыла мяжу з Беларуссю.
У Латвію з Беларусі можна трапіць толькі праз адзін пераход — у Грыгараўшчыне. Прычым ехаць на аўтамабілях з беларускімі нумарамі нельга. Паводле інфармацыі Памежнага камітэта Беларусі, па стане на 16:00 15 верасня ў чарзе стаялі дзевяць аўтобусаў. Такія чэргі былі вялікай рэдкасцю, пакуль не перакрылі мяжу з Польшчай.
У памежных чатах, якія вывучыў "Белсат", пішуць, што зранку аўтобусаў было яшчэ больш.
"Ужо больш за 10 аўтобусаў. Выклікаюць адзін у 1,5 гадзіны прыкладна (хутка трэба будзе як на "Брэсце" суткі стаяць", — пішуць карыстальнікі аб праходжанні мяжы.
"Ехалі 13.09 з Мінска на турыстычным аўтобусе. Спачатку 3 гадзіны стаялі ў зоне чакання. Потым яшчэ 3 гадзіны на нейтралцы. Латышы ўвесь багаж праз сканер [праверылі]. Цыгарэты нельга зусім. Прымусілі ламаць і [выкідваць] у сметніцу ўсіх, у каго былі і хто ў гэтым прызнаўся. Увогуле ў зону чакання заехалі а 14:10, выехалі ад латышоў а 23:00", — апісвае іншы падарожнік.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.