На кангрэсе рускай прэсы Лукашэнка гаварыў пра гібрыдныя войны

На кангрэсе рускай прэсы Лукашэнка гаварыў пра гібрыдныя войны

Барацьба за навіны набывае палітычны характар. Пра гэта 12 ліпеня заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён выступіў на пленарным пасяджэнні XIX Сусветнага кангрэсу рускай прэсы, які праходзіць у Мінску.

“Усе і ўсюды хочуць быць першымі, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. — І, задавальняючы толькі адно гэтае жаданне, не толькі дапускаюць памылкі, але і часцяком перакульваюць усё з ног на галаву”.

Па словах Лукашэнкі, грамадства імкнецца даведацца літаральна ўсё і як мага хутчэй. Аднак усё часцей, кажа ён, інфармацыя з газеты, тэлебачання, сацсетак не адпавядае рэчаіснасці. “Далей — больш, гэтая інфармацыя становіцца зброяй, якая правакуе канфлікты і ўзброеныя сутыкненні”, — заявіў беларускі кіраўнік.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на так званыя гібрыдныя войны, якія вядуцца таксама ў кіберпрасторы, у палітыцы, эканоміцы. І атрымліваецца, што “першай ступенню гэтых сучасных войнаў з’яўляюцца войны ў медыапрасторы”. Паводле слоў Лукашэнкі, “ідзе не артылерыйская падрыхтоўка, а ідзе падрыхтоўка ў СМІ, перад тым, як тая ці іншая дзяржава, групоўка распачне вайну”.