На Гродзеншчыне раскрылі рэзананснае забойства дзвюх прадаўшчыц
Падазраваны ў гэтай справе прызнаўся таксама ў двух іншых забойствах.
Пракуратура Гродзенскай вобласці заявіла аб раскрыцці гучнага забойства дзвюх прадаўшчыц у Лідзе. Раней арыштаваны па падазрэнні ў здзяйсненні жорсткага забойства прадаўшчыц у вёсцы Сялец Лідскага раёна 28-гадовы жыхар Баранавіцкага раёна прызнаўся ў двух іншых забойствах.
Непрацоўны 28-гадовы мужчына ў мінулым быў прызнаны сіратой, нідзе не працаваў, раней меў судзімасць за злачынствы, здзейсненыя з карыслівых пабуджэнняў.
15 верасня 2013 года каля харчовай крамы на ўскраіне Ліды знайшлі целы дзвюх прадаўшчыц са шматлікімі пашкоджаннямі. З іх крамы знікла каля 35 мільёнаў прыбытку, а таксама спіртныя напоі. Як тады меркавалі следчыя, жанчын збілі да смерці металічнай трубой. Па гарачых слядах справу раскрыць не ўдалося.
Наступны эпізод адбыўся ў вёсцы Сялец Лідскага раёна 28 лістапада 2014 года. У лесе ля вёскі падазраваны тройчы ўдарыў прадаўшчыцу мясцовай крамы абухом сякеры па галаве. Яна памерла на месцы. Затым зламыснік пранік у гандлёвы пункт і скраў болей за 5 мільёнаў рублёў прыбытку і тытунёвыя вырабы. У момант здзяйснення злачынства ён быў нецвярозы. Зламысніка знялі з цягніка ў Дзятлаўскім раёне, нагадвае БЕЛТА.
У пракуратуры адзначаюць, што мужчына дзейнічаў дастаткова ўмела, загадзя рыхтаваў шляхі для адступлення.