На Гродзеншчыне ДАІ са стралянінай гналася за п'яным трактарыстам (відэа)
Урэшце хлопец кінуў трактар і паспрабаваў уцячы, але яго затрымалі.
У Дзятлаўскім раёне інспектары ДАІ пераследавалі п'янага кіроўца. Як паведамляе сайт Гродзенскай ДАІ, здарэнне адбылося ў суботу 8 жніўня.
Кіроўца трактара выклікаў у інспектараў падазрэнне, таму яны паспрабавалі яго спыніць. Аднак трактарыст іх не паслухаўся і кінуўся ўцякаць. ДАІ гналася за ім і нават выкарыстала зброю, каб спыніць трактар.
Ужо ў самім Дзятлаве кіроўца кінуў трактар і паспрабаваў уцячы, але яго затрымалі. На 23-гадовага хлопца склалі чатыры пратаколы, у тым ліку за кіраванне транспартам у нецвярозым стане. Акрамя таго, трактар ён папросту ўгнаў.
Высветлілася, што малады чалавек не меў пасведчання кіроўцы, хаця некалькі разоў спрабаваў атрымаць яго. Чатыры разы яго затрымоўвалі за кіраванне транспартам у нецвярозым стане.