Больш за паўтары тысячы таксоўцаў могуць выключыць з рэестра ў Беларусі

Таксоўка, ілюстрацыйнае фота

Таксоўка, ілюстрацыйнае фота

У Беларусі можа стаць менш на 1700 таксоўцаў. Пра гэта нагадалі ў Міністэрстве транспарту.

Як піша autogrodno.by, многіх кіроўцаў авансам уключылі ў рэестр нерэгулярных пасажырскіх перавозак. Яны скарысталіся асаблівым правам (да 1 сакавіка 2025 года) падаць заяву аб уключэнні ў рэестр. Мінтранс тады дазволіў уключаць у рэестр кіроўцаў без пасведчання аб павышэнні кваліфікацыі.

Аднак перавозчык абавязаны забяспечыць такое павышэнне кваліфікацыі не пазней за 31 жніўня 2025 года. Пад гэтую норму і трапляюць 1,7 тысячы кіроўцаў.

Пасля заканчэння тэрміну павышэння кваліфікацыі перавозчык абавязаны на працягу 15 каляндарных дзён (але не пазней за 15 верасня 2025 года) унесці змены ў звесткі пра кіроўцу. Калі ў гэтыя тэрміны ўмовы не будуць выкананыя, кіроўцу могуць выкрасліць з рэестра.

Рэестр аўтамабільных перавозак пачаў дзейнічаць у Беларусі з лістапада 2024 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.