Экспазіцыю, прысвечаную Якубу Коласу, прыбралі з віленскага музея

Якуб Колас
Экспазіцыю, прысвечаную беларускаму класіку Якубу Коласу, прыбралі з музея Пушкіна ў віленскім раёне Маркуці. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода са словаў старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве Алеся Адамковіча.
Экспазіцыю стварылі сем гадоў таму. Яна ўключала кнігі і артэфакты, звязаныя з творчасцю беларускага пісьменніка.
Недалёка быў дом, у якім Якуб Колас жыў са сваёй першай жонкай Марыяй Камінскай. "Некаторы час там быў музей Коласа, але пасля ён закрыўся. У 1963 годзе экспанаты перадалі ў музей Пушкіна, які быў па суседстве. У пачатку 90-х гадоў былі спробы па адраджэнні гэтага музея, але дом разваліўся, бо яго з'еў грыбок, а новы пабудаваць не паспелі", — кажа Алесь Адамковіч.
Пасля рэарганізацыі музей Пушкіна перайменавалі ў Музей сядзібу Маркуці і зрабілі філіялам Віленскага музея. Таксама новае кіраўніцтва вырашыла прыбраць пакойчык Коласа. У адказе на запыт Свабоды на імя кіраўніцы Віленскага гарадскога музея Расы Антанавічэне гаворыцца, што экспазіцыя Якуба Коласа не адпавядае новай канцэпцыі музея ў Маркуцях.
Дырэктарка кажа, што цяпер установа вырашыла канчаткова адмовіцца ад статусу літаратурнага музея і больш увагі надаваць гісторыі сядзібы і яе жыхароў. А выстава, прысвечаная Якубу Коласу, паводле дамовы ўвогуле мусіла быць зачыненая ў 2021 годзе.
Калекцыя прадметаў, звязаных з Коласам, у музеі ў Маркуцях налічвае тры дзясяткі прадметаў. Цяпер яны будуць захоўвацца ў фондах установы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.