Дэпутата, які заклікаў выгнаць з Літвы офіс Ціханоўскай, выключылі з партыі

Вітаўтас Сініца

Вітаўтас Сініца / DELFI

Кіраўніцтва партыі "Нацыянальнае адзінства" выключыла Вітаўтаса Сініцу з партыі за "сістэматычныя і грубыя парушэнні статуту партыі і Кодэксу этыкі". Менавіта гэты дэпутат патрабаваў выгнаць з Літвы Офіс Святланы Ціханоўскай і арганізоўваў мітынг супраць прысутнасці ОСЦ у Літве.

У партыі Вітаўтас Сініца быў намеснікам старшыні. Ён быў адзіным сябрам партыі ў Сейме, які прайшоў туды па аднамандатнай акрузе. У "Нацыянальным адзінстве" кажуць, што Сініцу выключылі з партыі за тое, што ён пастаянна ладзіў сходы сяброў рады, прымаў рашэнні падчас сходаў пры адсутнасці кворуму. Былі і іншыя парушэнні, учыненыя Сініцам, у тым ліку незаконнае рашэнне аб пазачарговым з'ездзе партыі, піша Delfi.

Таксама партыя звярнула ўвагу ініцыятывы Сініцы супраць беларускага дэмакратычнага руху ад імя "Нацыянальнага адзінства" без ухвалы партыі. "Партыя была вымушаная дыстанцыявацца ад такіх дзеянняў", — адзначаюць у "Нацыянальным адзінстве".

Разам з Сініцам за аналагічныя парушэнні з партыі выключылі сябра праўлення Марыюса Парчаўскаса і сябровак рады Асту Катуце і Інгу Друпене.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.