Адкрыты папярэдні заказ на беларускі пераклад "Дзюны" Фрэнка Герберта

"Дзюна" ў беларускім перакладзе / "Янушкевіч"
Выдавецтва "Янушкевіч" абвясціла папярэдні заказ на фантастычны раман "Дзюна" Фрэнка Герберта ў перакладзе Ігара Кулікова — аднаго з найлепшых беларускіх перакладчыкаў.
"Для нас гэта вельмі важная падзея: ад поспеху гэтай кнігі залежыць шлях, якім мы пойдзем найбліжэйшым часам. Маем спадзяванні, што фенаменальны твор Герберта ўзрушыць чытацкую аўдыторыю і па-новаму прастымулюе цікавасць да кніг і чытання", — гаворыцца ў абвестцы выдавецтва.
Старт продажаў рамана прызначаны на 8 кастрычніка. Гэтая дата абраная невыпадкова — гэта дзень нараджэння самога Фрэнка Герберта.
"Якасны друк, цвёрдая вокладка, прафесійная падрыхтоўка, больш за 750 старонак. Усё як вы любіце!" — запэўніваюць у выдавецтве. Кошт па папярэднім заказе складзе 79,90 злотага.
Аформіць заказ можна па гэтай спасылцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.