З’явілася новае беларускае выдавецтва — TAMAKA
Першая кніга — дэбют фатамайстаркі Машы Святагор / tamaka.eu
Пачало працу новае незалежнае беларускае выдавецтва TAMAKA Publishing, якое будзе спецыялізавацца на выданні кніг па выяўленчым мастацтве, фатаграфіі, дызайне і архітэктуры.
Першай кнігай стаў праект Everybody Dance! — дэбютны фотапраект Машы Святагор. Над выданнем на працягу года працавала аб’яднаная міжнародная каманда з васьмі спецыялістаў.
Гэта вынік сямігадовага мастацкага даследавання Святагор, прысвечанага візуальным стратэгіям прапаганды і працы з гістарычнай памяццю.
Маша Святагор вядомая сваімі працамі ў жанрах фатамантажу, архіўнай фатаграфіі і калажу, у якіх яна даследуе калектыўную ідэнтычнасць, цэнзуру і палітыку вобраза.
Каманда новага выдавецтва абяцае і далей выдаваць кнігі, што знаходзяцца на скрыжаванні мастацтва, візуальных даследаванняў і кніжнай культуры.