Стаў вядомы спіс патрабаванняў Пуціна ў абмен на спыненне вайны ва Украіне

Пытанні тэрыторыі, санкцый, рускай мовы і царквы / Reuters
Уладзімір Пуцін хоча, каб Кіеў вывёў усе войскі з усходніх рэгіёнаў Данецка і Луганска, каб былі скасаваныя частка заходніх санкцый, а руская мова атрымала роўны статус на тэрыторыі Украіны. Узамен Пуцін абяцае спыніць вайну. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на свае крыніцы.
Гэтыя патрабаванні ён выдвінуў на сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам на Алясцы.
Пры гэтым Пуцін выключае заключэнне перамір’я да дасягнення ўсеабдымнай дамовы, што супярэчыць ключаваму патрабаванню Зяленскага.
Прэзідэнт Расіі хоча, каб Кіеў цалкам вывёў войскі з усходніх рэгіёнаў Данецк і Луганск у абмен на абяцанне Расіі замарозіць лініі фронту ў паўднёвых рэгіёнах Херсон і Запарожжа.
Расія нібыта гатовая вярнуць невялікія тэрыторыі ў паўночных рэгіёнах Сумскай і паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці.
Пуцін дамагаецца фармальнага прызнання расійскага суверэнітэту над Крымам, анексаваным Масквой у 2014 годзе.
Пуцін чакае адмены хаця б часткі міжнародных санкцый, уведзеных супраць Расіі.
Як паведамляюць крыніцы Reuters, Украіна ў рамках здзелкі не зможа ўступіць у NATO, хоць Пуцін нібыта гатовы абмяркоўваць прадастаўленне краіне пэўных гарантый бяспекі.
Раней лідары Еўропы заяўлялі, што Трамп абмяркоўваў тэму гарантый бяспекі для Украіны, прапанаваўшы ідэю, падобную да гарантый паводле артыкула 5 NATO, але па-за межамі самога Альянсу.
Расія патрабуе афіцыйнага статусу для рускай мовы на частцы або на ўсёй тэрыторыі Украіны, а таксама правы для Рускай праваслаўнай царквы свабодна дзейнічаць у краіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.