Трамп бачыць асноўную гуманітарную праблему ў беларускіх палітвязнях — эксперт

Дональд Трамп

Дональд Трамп / NICHOLAS KAMM/AFP/Getty Images

Трамп прыкладае намаганні да развязання беларускага крызісу. Пра гэта Еўрарадыё заявіў амерыканіст Антон Пянькоўскі, каментуючы размову прэзідэнта ЗША з Лукашэнкам.

"Перш за ўсё кідаецца ў вочы тое, што той тон, які ўжывае ў сваім пасце Дональд Трамп, падкрэслена афіцыйны, паважлівы. Мы бачым, як змянілася нават лексіка, якую выкарыстоўвае амерыканскі ўрад у дачыненні да Лукашэнкі. Цягам апошніх амаль пяці гадоў Лукашэнка не называўся прэзідэнтам Беларусі ў афіцыйнай камунікацыі ўрада ЗША. Мы бачым, што гэта моцна мяняецца".

Пянькоўскі не выключае, што больш дэталяў пра размову мы даведаемся з боку беларускіх уладаў.

"Але тое, што мы можам бачыць цяпер, Дональд Трамп прыкладае намаганні да вырашэння беларускага крызісу і бачыць асноўную гуманітарную праблему ў выглядзе беларускіх палітвязняў. Магчыма, у бягучым разглядзе амерыканскім урадам беларускага кейса менавіта пытанне палітвязняў з'яўляецца краевугольным і найбольш вострым. Мы гэта бачым як па папярэдніх дзеяннях Дзярждэпартамента, так і па гэтай камунікацыі.

Магчыма, таксама гэта тое пытанне, па якім ЗША бачаць магчымасць дамагчыся хуткіх і рэальных фізічных вынікаў. Гэта значыць, нейкія больш агульныя глабальныя пытанні з Беларуссю з'яўляюцца больш складана вырашальнымі, а дамагчыся працягу выпуску палітвязняў праз дадатковую ўвагу да асобы Лукашэнкі з'яўляецца стратэгіяй, якая дазволіць дамагчыся выніку".

Як паведамлялася раней, 15 жніўня адбылася тэлефонная размова паміж Дональдам Трампам і Аляксандрам Лукашэнка. Прэзідэнт ЗША ў сацсетках паведаміў, што абмяркоўвалася вызваленне 1300 беларускіх палітвязняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.