Беларусам дазволілі рабіць таніроўку шкла ў аўтамабілях

Аўтамабіль з таніраванымі шыбамі, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Беларусі дазволілі рабіць таніроўку шкла ў аўтамабілях. Гэтае новаўвядзенне прадугледжанае ўказам Лукашэнкі па змяненні Правілаў дарожнага руху.
Згодна з ім, дазваляецца ўстаноўка жалюзі, штор і плёначных пакрыццяў на бакавым (акрамя пярэдняга) і заднім шкле легкавых аўтамабіляў. Папярэднія некалькі гадоў гэта было забаронена.
"Пры гэтым нейкая норма па святлопранікальнасці не ўстаноўлена. Хачу папярэдзіць усіх кіроўцаў: нароўні з гэтым дазволам ДАІ будзе пільную ўвагу звяртаць на спыненне правапарушэнняў, калі кіроўцы наносяць плёначныя пакрыцці на пярэднія шыбы аўтамабіляў. У такім выпадку гэта з’яўляецца парушэннем Правілаў дарожнага руху, адказнасць за гэта прадугледжаная", — заявіў на прэс-канферэнцыі 6 жніўня кіраўнік ДАІ Віктар Ротчанкаў.
Ён прыгразіў, што аўтамабілі з таніроўкай на лабавым шкле будуць ставіць на ахоўную стаянку, прызнаваць рэчавым доказам і не аддаваць уладальніку да заканчэння адміністрацыйнага працэсу.
Таксама памяняліся патрабаванні да маркіроўкі зімовых шын аўтамабіля. Усесезонныя шыны не будуць лічыцца зімовымі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.