Мужчыны, якія збілі інваліда на АЗС, самі прыйшлі ў міліцыю (відэа)

22 снежня мінская міліцыя паведаміла пра здарэнне на адной з аўтазаправачных станцыяў. На спецыяльна абсталяванай аўтамашыне "Форд" на запраўку прыехаў кіроўца з абмежаванымі магчымасцямі. Паколькі самастойна яму перамяшчацца цяжка, мужчына папрасіў двух мінакоў дапамагчы заправіць машыну. Раней ён неаднаразова карыстаўся такім спосабам.

Аднак гэтым разам п'яныя мужчыны накінуліся на просьбіта з кулакамі. Збіўшы кіроўцу і пашкодзіўшы машыну, яны сышлі ў невядомым напрамку.

Сюжэт быў паказаны на тэлевізіі. І ўжо на наступны дзень, як паведамляе прэс-служба міліцыі, у Цэнтральнае РУУС сталіцы звярнуліся два мужчыны. Яны прызналіся, што гэта былі ўдзельнікамі бойкі на АЗС. Да прыходу ў міліцыю іх падштурхнуў шырокі распаўсюд інфармацыі ў інтэрнэце і на тэлевізіі.

Дарэчы, у міліцыю таксама паступілі два званкі ад грамадзян, якія апазналі аднаго з мужчын.