МУС: У Беларусі пачалі часцей выяўляць фальшывыя грошы
Больш за палова выяўленых фальшывак — долары.
За першае паўгоддзе 2015 года ў Беларусі выявілі на 22,3% больш фактаў фальшываманетніцтва, чым за такі ж перыяд 2014 года. Як перадае БЕЛТА са спасылкай на МУС, сёлета была заведзеная 471 крымінальная справа за фальшывыя купюры. Летась іх было толькі 385.
Больш як у палове выпадкаў (252 факты) былі выяўленыя фальшывыя долары. Амаль кожны трэці эпізод фальшываманетніцтва — з расійскімі рублямі (137), крыху больш за 11% — еўра (53), каля 5% (25) — беларускія рублі. Таксама праваахоўнікі паведамляюць пра тры факты збыту падробленых кітайскіх юаняў, адзін — украінскай грыўны.
МУС адзначае, што за студзень-чэрвень 2015 года асуджаныя шэсць фальшываманетчыкаў. Праваахоўнікі вывелі з абароту 1136 падробленых банкнот: 826 — долары ЗША, 183 — расійскія рублі, 87 — еўра, 36 — беларускія рублі, 3 — юані, 1 — грыўны.
Лідарамі сярод падробак называюць банкноты ў 100 долараў, 5000 расійскіх рублёў, 100 і 50 еўра, 200 тысяч і 50 тысяч беларускіх рублёў.
Акрамя таго, па звестках МУС, зафіксаваныя 116 выпадкаў, калі грамадзяне спрабавалі збыць сувенірныя грошы.
Фота — opgks.info