МУС: на акцыях у падтрымку міру было 50 тысяч чалавек, на жаночых маршах — 1700

Так пачынаўся жаночы марш у Мінску 12 верасня / Юлія Матузава, Еўрарадыё
Міністэрства ўнутраных спраў налічыла 12 верасня на акцыях "у падтрымку міру, бяспекі і спакою" больш за 50 тысяч чалавек. У жаночых маршах, па іх падліках, удзельнічала не больш за 1700 чалавек.
— Усяго за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах затрымана 114 грамадзян (з іх у г. Мінску — 99). Да разгляду ў судзе спраў па адміністрацыйных правапарушэннях ў месцы ўтрымання затрыманых змешчаныя 87 чалавек, — гаворыцца ў паведамленні МУС.
Далёка не ў першы раз ацэнка колькасці удзельнікаў маршу незалежнымі журналістамі не сыходзіцца з падлікамі МУС. Напрыклад, толькі ў Мінску, па падліках карэспандэнтаў, учора выйшлі на акцыю пратэсту каля 10 тысяч чалавек.


Учорашняй акцыі пратэсту МУС прысвяціла ролік на Youtube і назвала яго "Нежаночыя паводзіны".
— А цяпер пра агрэсіўных пратэстуючых жанчын. Глядзець сорамна: крыкі, візг, цісканіна... Паводзіны нежаночыя, — піша афіцыйны телеграм-канал прэс-службы МУС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.