МУС Літвы не бачыць неабходнасці зноў закрываць мяжу з Беларуссю

Уладзіслаў Кандратовіч 

Уладзіслаў Кандратовіч  / LRT

МУС Літвы не бачыць неабходнасці паўторна закрываць мяжу з Беларуссю. Кіраўнік ведамства заклікае даць праваахоўнікам час, каб спыніць кантрабанду з Беларусі.

"Сёння я такой неабходнасці не бачу, але тут трэба гаварыць з міністрам замежных спраў, ён працуе ў гэтым кірунку, і гэта, я б сказаў, іх асноўная прэрагатыва — вырашаць пытанне аб закрыцці або незакрыцці мяжы",перадае LRT словы міністра ўнутраных спраў Уладзіслава Кандратовіча.

Паводле яго, закрываць мяжу з прычын унутранай бяспекі неабходнасці няма, але такое рашэнне павінен прымаць урад.

Кандратовіч заяўляе, што ў Літвы ёсць шмат мераў, каб паўплываць на кантрабанду, якая адпраўляецца з Беларусі: "У нас сапраўды ёсць меры, і мы пачалі сур'ёзна вырашаць гэтае пытанне як з дапамогай заканадаўчых інструментаў, так і аператыўнай дзейнасцю, а таксама дадатковымі аперацыямі, у рамках якіх мы будзем праводзіць праверкі і назіраць".

Напярэдадні прэм'ер-міністр Інга Ругінене заявіла, што чакае ад паліцыі больш рашучых дзеянняў — ператрусаў і затрыманняў, звязаных з кантрабандай. Тым часам кіраўнік МУС кажа, што яму патрэбны час: "Для ўсяго патрэбны час, і на выкрыццё сетак таксама патрабуецца час. Праваахоўныя органы працуюць у гэтым кірунку, у нас была не адна нарада, і я ведаю, што яны робяць сваю працу — трэба крыху пачакаць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.