Калі сітуацыя не палепшыцца, закрыем мяжу з Беларуссю — прэм'ер Літвы

Памежны пераход, ілюстрацыйнае фота

Памежны пераход, ілюстрацыйнае фота / vsat.lrv.lt

Прэм'ер-міністр Літвы Інга Ругінене адрэагавала на тое, што віленскі аэрапорт за апошнія суткі двойчы прыпыняў працу праз пагрозу метэазондаў з кантрабандай. Яна заявіла, што Літва можа зноў закрыць мяжу з Беларуссю. Гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца на пасяджэнні камісіі нацыянальнай бяспекі.

"Адкрыўшы мяжу, мы ўбачылі, што ўсё ж мелі рацыю: гэта гібрыдная атака, і з боку Беларусі мы назіраем незаконныя дзеянні, калі затрымліваюцца нашы грузавікі, і з іх боку мяжа не адкрываецца", перадае LRT словы кіраўніцы літоўскага ўрада.

Паводле яе, пасяджэнне камісіі па нацыянальнай бяспецы пройдзе ўжо на гэтым тыдні. "У дадзены момант нашы дыпламаты працуюць па розных каналах, працуем з нашымі саюзнікамі. /.../ Нашы ўстановы і службы працуюць кожную ноч, але я хацела б больш дзеянняў з боку паліцыі", — дадала Ругінене.

Яна падкрэсліла, што пасля адкрыцця мяжы з боку Беларусі назіраліся станоўчыя прыкметы. Але цяпер сітуацыя мяняецца, таму Літва, на думку прэм'ера, мае "права і магчымасці разглядаць іншыя самыя строгія меры". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.