“Моладзь умее задаваць пытанні, якія старэйшае пакаленне не задае”
У Рызе пачаў працу 2-гі Моладзевы форум Усходняга партнёрства, на які прыехалі прадстаўнікі амаль 50 краін, у тым ліку, і Беларусі. (ФОТА)
Шукаць выйсце з праблем, з якімі сутыкаецца моладзь па прыходзе ў “дарослае жыццё”, павінны не толькі дзяржаўныя структуры, але і сама моладзь з розных краін сумесна. І менавіта для гэтага ўжо другі раз праводзіцца Моладзевы форум “Усходняга партнёрства”. Сёлета мерапрыемства праходзіць у Рызе.
“Голас моладзі павінен гучаць у грамадстве значна гучней, а мы павінны прадставіць сістэмы ў нашых грамадствах, якія функцыянуюць больш якасна. Для таго, каб мы лепш разумелі, як моладзь можа дзейнічаць і функцыянаваць у будучым”, — звяртаецца да ўдзельнікаў форуму, распачынаючы мерапрыемства, спікер парламента Латвіі Інара Мурніецэ.
Па словах спікера латвійскага парламента, праблемы моладзі сталі галоўнымі для Латвіі, як для старшыні Еўрасаюза.
Галоўнай сённяшняй праблемай для моладзі спікер парламента называе беспрацоўе. І раіць удзельнікам форуму больш увагі звярнуць на развіццё студэнцкіх абменаў паміж рознымі краінамі. Гэта, на думку Інары Мурніецэ, дазволіць не толькі павысіць узровень ведаў, але і займець кантакты, якія спатрэбяцца падчас пошукаў працы.
Да развіцця кантактаў паміж моладдзю і асабліва студэнтамі ВНУ розных краін заклікае і міністр адукацыі і навукі Марытэ Сейле.
Марытэ Сейле: “Самае складанае для маладых людзей — вызначыць свае мэты. Нефармальны падыход і заахвочванне, якія зыходзяць ад іншых маладых людзей, могуць аказаць самую моцную падтрымку. Менавіта тыя, хто размаўляе на адной мове з вамі і мае падобны вопыт, могуць дапамагчы вам больш за ўсё”.
Як гэта ні дзіўна, але міністр адукацыі заклікае моладзь больш увагі надаваць нефармальнай адукацыі з дапамогай недзяржаўных устаноў і ініцыятыў.
А вось амбасадар па асаблівых даручэннях Усходняга партнёрства МЗС Латвіі Юрыс Пойканс нечакана ставіць перад моладдзю Беларусі, Арменіі і Азербайджана амбіцыйную задачу: паспрыяць таму, каб іх краіны падчас травеньскага саміта Усходняга партнёрства выказалі жаданне большага збліжэння з Еўрасюазам!
Юрыс Пойканс: “Тры краіны Усходняга партнёрства, Грузія, Малдова і Украіна, вырашылі ўступіць у больш цеснае партнёрства з Еўрасаюзам. Але Еўрасаюз застаецца адкрытым для развіцця больш цесных адносінаў з Арменіяй, Азербайджанам і Беларуссю на ўзроўні жаданняў і амбіцый гэтых дзяржаў у дачыненні да Еўрасаюза. А моладзь з’яўляецца больш шырокай грамадзянскай супольнасцю і павінна граць большую ролю ў пабудове такіх сувязяў паміж ЕС і краінамі Усходняга партнёрства”.
Саміт пройдзе ў Рызе ў канцы траўня, і часу на тое, каб моладзі неяк паўплываць на настроі ўлад сваіх краін застаецца не так шмат.
Прадстаўнік Еўракамісіі, дырэктар па Erasmus+ Антоніа Сілва Мендэш таксама вырашае напружыць удзельнікаў форуму амбіцыйнай задачай: да канца мерапрыемства распрацаваць ідэі і прапановы па тым, якім чынам у еўрапейскія навучальныя праграмы ўцягнуць як мага больш моладзі з краін-удзельнікаў “Усходняга партнёрства”. Ён абяцае, што яны ў сваю чаргу гэтыя ідэі агучаць падчас травеньскага саміта. Укласціся ідэі павінны ў бюджэт "Erasmus+". А гэта 1,5 мільярда еўра на 6 гадоў.
Не зацыклівацца на “бытавых” праблемах моладзі раіць удзельнікам форума і выконваючы абавязкі кіраўніка рэгіянальнага аддзялення суседства Усходне-Еўрапейскай камісіі Мацье Буске.
Мацье Буске: “Роля Усходняга партнёрства і ў тым, каб ствараць сур’ёзныя падмуркі для развіцця дэмакратыі. Мы павінны ўмацоўваць кантакты паміж людзьмі, развіваць дыялог і дапамагаць маладым людзям удзельнічаць у гэтым дыялогу. І ўспрымаць еўрапейскія каштоўнасці. Мы верым у кантакты паміж людзьмі, якія дапамогуць маладым людзям займець новыя ідэі і атрымаць новыя навыкі”.
Гэта быў “афіцыёз”, пасля якога моладзь з краін Еўрасаюза і іх аднагодкі з краін Усходняга партнёрства ды Паўднёвага суседства разышліся па розных залах, разбіліся на “групы па інтарэсах”, дзе праз гульні, сур’ёзныя абмеркаванні разважалі над праблемамі моладзевага беспрацоўя і навучання, уцягвання маладых людзей у грамадскае і палітычнае жыццё, наладжвання кантактаў і гэтак далей. Праца гэтая будзе цягнуцца два дні…
Фота: Змітра Лукашука.