Мінтрансу могуць дазволіць збіраць даныя пасажыраў міжнародных аўтобусных рэйсаў

Міжнародны рэйс, ілюстрацыйнае фота / Grenadier_Thomas, fotobus.msk.ru
Міністэрства транспарту і камунікацый можа атрымаць права збіраць даныя пасажыраў міжнародных аўтобусных рэйсаў. Адпаведны законапраект паступіў у Палату прадстаўнікоў 10 верасня, піша выданне "Зеркало".
Калі законапраект будзе прыняты, перавозчыкаў абавяжуць перадаваць у інфармацыйную сістэму Мінтранса персанальныя даныя пасажыраў аўтобусаў. Раней ведамства збірала звесткі толькі пра пасажыраў самалётаў і цягнікоў.
У каментары журналістам супрацоўніца адной з кампаній-перавозчыкаў пацвердзіла, што цяпер яны такія звесткі дзяржаве не перадаюць.
Але калі дакумент будзе прыняты, сілавікі змогуць атрымліваць ад Мінтранса інфармацыю пра пасажыраў, не звяртаючыся да кампаній-перавозчыкаў. Беларускае заканадаўства дае права Следчаму камітэту і МУС атрымліваць персанальныя даныя з дзяржаўных баз, у тым ліку дыстанцыйна.
Як кажа юрыстка праваабарончага цэнтра "Вясна" Святлана Галаўнёва, на сённяшні дзень сілавікі павінны запытваць такія звесткі непасрэдна ў перавозчыка. Адзіная база даных, якую будзе весці Мінтранс, дазволіць ім атрымліваць інфармацыю прасцей і хутчэй.
"Значыць, можна будзе кантраляваць, хто куды плануе з'ехаць. Мяркую, што гэта робіцца не толькі для зручнасці сілавікоў. Напрыклад, сістэму Мінтранса можна выкарыстоўваць, каб кантраляваць, ці не выкарыстоўваюць работнікі прадпрыемстваў бальнічныя для паездак за мяжу", — тлумачыць Галаўнёва.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.