Мінскі канфіскат: Ламбаргіні, 38-гадовы Ягуар і 59-гадовы ГАЗ (фота)
Аўтастаянка гандлёвага дома “Усходні” пераважна складаецца з паўіржавых машын. Высвятляем, чаму кошты высокія а некаторыя аўто прадаюцца па два гады.
Увагу да мінскага аўтаканфіската прыцягнуў аўкцыён па продажы экзатычнай Ламбаргіні "Галарда", гісторыю якой ведае паўкраіны. Стартавы кошт складаў прыкладна 2,1 мільярда рублёў (на сёння каля 148 тысяч долараў). Але ў чацвер 16 красавіка ніводзін з патэнцыйных пакупнікоў удзелу ў аўкцыёне не браў.
“Не было ніводнай заяўкі”, — канстатуюць аўкцыёншчыкі, якія працуюць пры гандлёвым доме “Усходні” ў Мінску.
Ля залы, дзе праходзяць аўкцыёны
Нагадаем, што Ламбаргіні канфіскавалі ў венесуэльца Эстэбана Фрагі, які легальна ўвёз аўто ў Беларусь, але не працягнуў так званы часовы ўвоз. Паводле версіі сяброў лацінаамерыканца, той быў вымушаны парушыць закон, бо раптоўна захварэў на ліхаманку і лячыўся ў шпіталі ў Каракасе. Калі паправіўся і прыляцеў у Беларусь, афармляць часовы ўвоз было позна.
Выходзіць, беларускім аматарам Ламбаргіні выпаў шанц пажывіцца на праблеме Эстэбана. Але жадаючых не знайшлося.
Па-першае, у Маскве такі самы аўтамабіль каштуе на 22 тысячы долараў танней, чым на беларускім аўкцыёне. Па-другое, сябры венесуэльца запусцілі інфармацыю ў СМІ, што ў Ламбаргіні сапсаваўся рухавік а рамонт каштуе 35 тысяч зялёных. Да таго ж, у машыне нібыта такая антыўгонная сістэма, што праз спадарожнік з іншага кантынента яна па жаданні былога гаспадара можа стаць колам. Праўда, Эстэбан Фрага, як перадалі яго сябры, моцна не пакутуе. Ён надзвычай забяспечаны: зарэгістраваў ў ЗША кампанію, звязаную з авіяперавозкамі.
Чаму годных машын мала а цэны палохаюць?
А пакуль Ламбаргіні "Галарда" на стаянцы аўтаканфіскату аберагаюць так жа, як брытанскага прынца Гары ад аб’ектываў фотакамер. Машына стаіць за металічнай брамай у вальеры, пад чахлом і цэлафанам. З іншых больш-менш прэстыжных аўтамабіляў на стаянцы бачым Поршэ "Каен" 2010 года за 30 тысяч долараў (аўто ў чарговы раз праходзіць пераацэнку). А вось ахвочыя займець канфіскаваны БМВ Х5 з расійскімі нумарамі знайшліся. Аўто знялі з рэалізацыі “на падставе ліста з Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці”.
З сотняў іншых машын большасць — гэта стары ржавы лом. Такія можна ўбачыць у кантрабандыстаў, якія перавозяць праз мяжу цыгарэты і гарэлку. Ад доўгага зімовага прастою некаторыя аўто выглядаюць ушчэнт гнілымі. А просяць за іх, як правіла, больш, чым на другасным рынку.
“Могуць быць цэны і ў два, і ў тры разы вышэйшыя. Некаторыя стаяць і два гады. Дыскі і калодкі ім мяняць трэба будзе дакладна”, — кажа адзін з супрацоўнікаў канфіската.
Выглядае, што наш дзяржаўны аўтаканфіскат не жыве па законах звычайнага аўтарынка. Кошты тут выстаўляюць староннія людзі.
“Калі аўтамабіль вымаецца, то выклікаецца эксперт-ацэньшчык, зазвычай, з Гандлёва-прамысловай палаты. Таму дачынення да цэнаўтварэння мы не маем. Раз ў паўтара-два месяцы машына павінна праходзіць пераацэнку. Як правіла, вынікі адной пераацэнкі — мінус 5-10 максімум 15% ад пачатковага кошту”, — тлумачаць аўкцыёншчыкі, якія працуюць пры аўтаканфіскаце.
Машыны на замежных нумарах
Яшчэ адна катэгорыя тутэйшых аўто — гэта трафеі ад турыстаў, якіх злавілі на парушэнні ўсё тых жа правілаў часовага ўвозу. Па нумарных знаках такіх машын можна вучыць геаграфію: Польшча, Украіна, Літва, Сербія, Германія…
Слаба верыцца, што звычайны беларускі Віця з Уручча зможа прыйсці ў канфіскат і выгадна набыць самыя спакуслівыя варыянты. Але такія-сякія аўтамабілі сярэдняй рукі на стаянцы хоць і дорага, але прадаюцца.
Рарытэты
Сярод усяго асартыменту можна адкапаць і адзінкі для аматараў рарытэтных аўто. Напрыклад, гэта канфіскаваны на Століншчыне “ГАЗ 69”, які ў даўнія савецкія часы называлі “казлом”. 56-гадовая машына ацэненая ў 14,4 мільёна.
Яшчэ вока прыцягвае нядаўна выстаўлены Ягуар “XJ12” 1977 года выпуску з нямецкімі нумарамі. На дадзены момант для аўкцыёну аўто ацэненае ў 192, 5 мільёна (прыкладна 13,6 тысяч долараў).