Канцлер Германіі, генсек НАТА і іншыя палітыкі паляцяць з Зяленскім да Трампа

Зеленский и Трамп

Сустрэча запланаваная на 18 жніўня / Reuters

Афіцыйны прадстаўнік канцлера Германіі Фрыдрыха Мерца паведаміў, што 18 жніўня ён адправіцца ў Вашынгтон, каб прыняць удзел у сустрэчы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з Дональдам Трампам у Белым доме.

Раней старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен заявіла, што таксама прыме ўдзел у перамовах Зяленскага і Трампа.

Выданне Politico са спасылкай на крыніцы пісала, што на сустрэчу могуць паехаць прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер. Паводле дадзеных Skynews, прысутнічаць там плануе і прэм’ер-міністр Італіі Джорджа Мелоні. Па дадзеных Bloomberg, на сустрэчу можа прыбыць і генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ.

Паездку ў Вашынгтон на сустрэчу з Трампам таксама пацвердзіў прэзідэнт Фінляндыі.

17 жніўня Уладзімір Зяленскі сустрэнецца ў Бруселі з “кааліцыяй ахвотных” — групай саюзнікаў Украіны, гатовых гарантаваць яе бяспеку.

Нагадаем, што на сустрэчы Пуціна і Трампа на Алясцы прэзідэнт Расіі вылучыў шэраг умоваў для спынення вайны, сярод якіх перадача тэрыторый, зняцце санкцый, статус рускай мовы ва Украіне і аднаўленне дзейнасці РПЦ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.