"Мір павінны быць трывалым": Зяленскі прыляцеў у ЗША і напісаў твіт для Трампа

Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп / Official White House Photo by Shealah Craighead
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падзякаваў прэзідэнту ЗША Дональду Трампу за запрашэнне ў Белы дом у допісе ў сацыяльнай сетцы X.
"Мы ўсе падзяляем жаданне хутка і надзейна пакласці канец гэтай вайне. І мір павінен быць трывалым", — напісаў ён.
Зяленскі выказаў упэўненасць, што ў сусветных лідараў ёсць магчымасць даць гарантыі бяспекі Украіне. Таксама ён адзначыў, што ўкраінскі народ будзе ўдзячны і асабіста прэзідэнту Трампу, і ўсёй Амерыцы, і кожнаму партнёру і саюзніку за падтрымку і дапамогу.
Сустрэча Зяленскага і Трампа адбудзецца сёння ўвечары. Спецыяльны прадстаўнік Трампа заявіў, што Уладзімір Пуцін пагадзіўся на "надзейныя" гарантыі бяспекі для Украіны, уключаючы патэнцыйнае пагадненне аб бяспецы па прыкладзе NATO. Гэта значыць, пагадненне, паводле якога напад на Украіну разглядаўся б як напад на ўсіх удзельнікаў пагаднення. Пакуль не ясна, якія краіны маглі б далучыцца да такога дагавора.
Тым часам учора ўвечары Трамп заявіў, што Украіне не дазволяць уступіць у NATO ні пры якім сцэнары міру.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.