"Стаім у чарзе 5 дзён, спазняемся на самалёт": калапс на мяжы

Пункт пропуску "Брэст"

Пункт пропуску "Брэст" / Памежны камітэт Беларусі

Пяць дзён у чарзе не дастаткова, каб патрапіць у Польшчу, вынікае з скаргаў у памежных чатах.

Па дадзеных сайта Дзяржаўнага памежнага камітэта праз пункт пропуску "Брэст" ("Тэрэспаль" — з польскага боку) выезду з краіны чакаюць больш за 4,4 тысячы легкавых аўтамабіляў і больш за 100 аўтобусаў. Пры гэтым за апошнія суткі мяжу ўдалося перайсці толькі 200 аўтамабілям. За гадзіну прапускаюць каля 10 машын.

Аўтамабіль, які зараз стаіць у чарзе першым, правёў у ёй 7 дзён 11 гадзін і 1 хвіліну. Пры гэтым, калі ён стаў у чаргу, ён быў 2612-м.

У чатах падлічваюць, што аўтамабіль, які зараз рэгіструецца ў чарзе, правядзе ў ёй каля 15 дзён.

Нагадаем, што ў пункце пропуску "Брэст" дзейнічае сістэма электроннай чаргі. Гэта значыць, вам не трэба сядзець у аўто два тыдні. Вы павінны прыехаць на мяжу і зарэгістравацца ў сістэме. Пасля гэтага можна вярнуцца дадому і сачыць за сітуацыяй дыстанцыйна. Гэта зручна для брэстчан, але не вельмі зручна для тых, хто вымушаны ехаць для рэгістрацыі ў сістэме электроннай чаргі з іншых рэгіёнаў.

На мінулым тыдні ўскладнілася сітуацыя і на беларуска-літоўскай мяжы. Пасажыры аўтобусаў сталі атрымліваць паведамленні аб адмене рэйсаў. Як высветлілі карэспандэнты Еўрарадыё, гэта звязана з рэжымам надзвычайнага становішча на беларуска-літоўскай мяжы. Праз гэта Літва была вымушана выдзеліць больш сродкаў і спецыялістаў для аховы мяжы, і прапускная здольнасць пунктаў пропуску знізілася. Абмежаванні для перавозчыкаў пачалі дзейнічаць яшчэ ў 2024 годзе, але выконваць іх яны сталі толькі цяпер.

Калі Літоўская адміністрацыя транспартнай бяспекі заўважыла, што колькасць аўтобусаў, якія перасякаюць мяжу, перавышае дапушчальнае, перавозчыкам было рэкамендавана прытрымлівацца дазволаў. У выніку магчымасцяў патрапіць у Еўропу ў беларусаў стала яшчэ менш.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.