Мінск і яшчэ 38 гарадоў пазмагаюцца за правядзенне футбольнага Еўра-2020
УЕФА зацвердзіла спіс кандыдатаў на правядзенне футбольнага чэмпіянату Еўропы.
Выканаўчы камітэт УЕФА зацвердзіў спіс кандыдатаў, якія будуць прэтэндаваць на правядзенне матчаў чэмпіянату Еўропы па футболе ў 2020 годзе. Сярод іх і беларуская сталіца — Мінск.
Усяго ж заяўкі на правядзенне турніру падалі 39 гарадоў з 32 краін: Беларусь (Мінск), Англія (Лондан), Азербайджан (Баку), Арменія (Ерэван), Бельгія (Брусель), Балгарыя (Сафія), Македонія (Скоп'е), Венгрыя (Будапешт), Германія (Мюнхен), Грэцыя (Афіны), Данія (Капенгаген), Ізраіль (Ерусалім), Ірландыя (Дублін), Іспанія (Мадрыд, Барселона, Більбао, Валенсія), Італія (Рым, Мілан), Казахстан (Астана), Нідэрланды (Амстэрдам), Польшча (Варшава, Хожув), Партугалія (Лісабон, Порту), Румынія (Бухарэст), Расія (Санкт-Пецярбург), Сербія (Бялград), Турцыя (Стамбул), Украіна (Кіеў, Данецк), Уэльс (Кардыф), Фінляндыя (Хельсінкі), Францыя (Ліён), Харватыя (Заграб), Чэхія (Прага), Швейцарыя (Базель), Швецыя (Сольна) і Шатландыя (Глазга), прыводзіць спіс сайт УЕФА.
“Мы надзвычай ганарымся тым, што ў барацьбе за права правядзення турніру назіраецца такі ажыятаж. Больш за палову краін, якія ўваходзяць ва УЕФА, выказалі жаданне прыняць Еўра-2020. Фінальная стадыя турніру стане сапраўдным святам футбола па ўсёй Еўропе. 60-годдзе гэтага спаборніцтва будзе зусім асаблівым, бо турнір сам прыйдзе да ўсіх заўзятараў”, — заявіў прэзідэнт УЕФА Мішэль Плаціні.
Як раней паведамляла Еўрарадыё, УЕФА плануе правесці Еўра-2020 адразу на 13-ці стадыёнах. З гэтай нагоды галоўная футбольная арганізацыя Старога свету разаслала ва ўсе нацыянальныя футбольныя прапановы прыняць удзел. Заяўка Беларусі змясцілася на адной старонцы. Наша федэрацыя плануе прыняць першынство на адноўленым стадыёне “Трактар” (на фота), які пашыраць на 33 тысячы месцаў. Праўда, у сваёй заяўцы федэрацыя не падавала праект стадыёна.
“Гэта яшчэ не тая заяўка, у якой трэба падаваць тэхнічныя характарыстыкі стадыёна. Трэба было толькі паведаміць, зацікаўлена федэрацыя ва ўдзеле ў Еўра-2020 ці не зацікаўлена. Таму і праект стадыёна пакуль не патрэбны”, ― распавялі Еўрарадыё ў АБФФ.
Пасля таго, як Мінск трапіў у спіс прэтэндэнтаў, федэрацыя павінна будзе даслаць афіцыйную заяўку з планам рэканструкцыі стадыёна.