Мінск абвінаваціў Маскву ў "крадзяжы мазгоў" — там паківалі ў бок Варшавы

Студэнты, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Афіцыйны Мінск сур'ёзна заклапочаны адтокам маладых людзей у Расію. Пра гэта ў інтэрв'ю расійскаму інфармацыйнаму агенцтву Sputnik Беларусь расказаў кіраўнік Федэральнага агенцтва па справах СНД, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве (Рассупрацоўніцтва) Яўген Прымакоў.
"Мы бачым сур'ёзную занепакоенасць нашых беларускіх сяброў той вялікай квотай, тым адтокам маладых людзей, якія атрымліваюць адукацыю ў Расіі і не заўсёды, на жаль, вяртаюцца ў Беларусь назад", — канстатаваў кіраўнік Рассупрацоўніцтва.
Ён у адказ параіў звярнуць увагу, колькі маладых беларусаў едуць атрымліваць адукацыю ў Польшчу. Тыя, хто паехаў па адукацыю на Захад, заяўляе Прымакоў, менш схільныя вяртацца на радзіму пасля атрымання дыплома, чым тыя, хто выбраў расійскія ВНУ. "Мне здаецца, для Беларусі гэта значна больш балюча", — падсумаваў ён.
Між тым, кіраўнік беларускага Мінадукацыі Андрэй Іванец сцвярджаў, што ў заходнія ВНУ едуць паступаць тыя абітурыенты, хто па конкурсе не прайшоў бы ў ВНУ Беларусі.
Прымакоў прапанаваў зрабіць у расійскіх ВНУ мэтавыя квоты для беларусаў: "Каб беларускі бок мог сам казаць: вось, нам трэба там столькі медыкаў, столькі інжынераў-мостабудаўнікоў, столькі айцішнікаў. І мы пад заказ беларускага боку навучалі б гэтых людзей і былі б упэўненыя, што яны вяртаюцца, што ў іх ёсць працоўныя месцы ў Беларусі і яны квітнеюць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.