Мінчанка зрабіла сабе падарунак на народзіны, абакраўшы кавалера

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Цэнтральнага РУУС сталіцы затрымалі дзяўчыну, якая ў свой дзень народзінаў скрала грошы з кішэні курткі новага знаёмага.

Як паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама, двое хлопцаў пазнаёміліся з трыма дзяўчатамі ў скверы па праспекце Незалежнасці. Хлопцы прапанавалі працягнуць вечар у рэстаране хуткага харчавання. Праз некаторы час кампанія выйшла на вуліцу. Было халаднавата і адзін з хлопцаў прапанаваў дзяўчыне сваю куртку — дзяўчына якраз адзначала свой 19-ты дзень народзінаў.

Пасля непрацяглай прагулкі дзяўчына сказала, што ёй з сяброўкамі трэба ненадоўга адысці. Паненкі сышлі, але пры гэтым прыхапілі грошы з унутранай кішэні курткі галантнага кавалера. “Здабычай” аказалася 1,7 мільёна рублёў.

Міліцыя даволі хутка знайшла дзяўчыну. Цяпер ёй пагражае да трох год турмы за крадзеж.

Фота з архіву