Мінчанін падпаліў свой Maserati дзеля страхоўкі
Мінчанін спаліў свой аўтамабіль Maserati Quattroporte для таго, каб атрымаць страхоўку. Расследаванне гэтай крымінальнай справы ўжо скончылася, яго матэрыялы перададзеныя ў суд. Пра гэта заяўляюць у Следчым камітэце Беларусі.
Паводле версіі следчых, сёлета 31 студзеня ўладальнік транспартнага сродку звярнуўся ў ДАІ з заявай, што яго аўто згарэла ў дарожна-транспартным здарэнні. Ён паказаў месца здарэння, дзе сапраўды быў знойдзены абгарэлы аўтамабіль, а таксама ровар.
Па словах мінчаніна, на яго шляху раптам паўстаў чалавек, які каціў побач ровар. Кіроўца паспрабаваў затармазіць, аднак машына зачапіла левым бокам кузава ровар або пешахода, а затым зляцела ў кювет. Ён падумаў, што чалавеку можа спатрэбіцца дапамога, таму вылез з машыны, але нікога не знайшоў. У гэты час, паводле яго словаў, Maserati загарэўся, а пажар патушыць не атрымалася.
5 лютага ўладальнік аўто звярнуўся ў страхавую кампанію, але супрацоўнікі праваахоўных органаў высветлілі, што ДТЗ было зладжана з мэтай завалодаць сродкамі кампаніі. Да такой высновы яны прыйшлі, дапрасіўшы супрацоўнікаў кампаніі, а таксама супаставіўшы паказанні абвінавачанага з высновамі пажарна-тэхнічнай і аўтатэхнічнай экспертызаў.
Абвінавачаны часткова прызнаў сваю віну, заявіўшы, што ровар для інсцэніроўкі знайшоў на адной са звалак. Яму прад’яўленае абвінавачанне ў замаху на махлярства ў асабліва буйных памерах. Справа перададзеная ў суд.