Мінчанін ледзь не спаліў кватэру разам са сваім бацькам і бабуляй
Матывам свайго ўчынку мужчына назваў дзіцячыя крыўды.
Малады чалавек 1991 году нараджэння арыштаваны за тое, што ледзь не спаліў кватэру разам з бацькам і бабулей. Як паведамілі БелаПАН у пракуратуры Заводскага раёна Мінска, злачынства было здзейсненае 21 студзеня ў кватэры дома па вуліцы Народнай. Раней несудзімы хлопец пасварыўся са сваім 45-гадовым бацькам і 85-гадовай бабуляй. Ён зачыніў іх у адным з пакояў, забарыкадаваў дзверы пральнай машынай, накідаў у яе рэчаў і падпаліў, а сам сышоў.
Суседзі адчулі пах паленага і выклікалі выратавальнікаў. Бацька змог разбарыкадаваць дзверы і разам з бабулей выбрацца на волю.
Падазраваны быў затрыманы ў той жа дзень. Пракуроры так і не змаглі дамагчыся ад яго, у чым была прычына такіх паводзінаў. Матывам свайго ўчынку хлопец назваў тое, што сваякі крыўдзілі яго ў дзяцінстве.
Пакуль яму выставілі абвінавачанне ў наўмысным знішчэнні маёмасці агульнанебяспечным спосабам. Прызначаная судова-псіхіятрычная экспертыза.