Мінчанін абакраў расіяніна ў міжнародным цягніку
32-гадовы жыхар беларускай сталіцы скраў у пасажыра цягніка Санкт-Пецярбург — Брэст гаманец з грашыма і банкаўскімі карткамі.
Раніцай 15 студзеня ў Брэсцкі аддзел унутраных спраў на транспарце звярнуўся 45-гадовы жыхар Санкт-Пецярбурга з заявай аб крадзяжы гаманца, у якім было 300 долараў, 7,5 тысяч расійскіх рублёў і пластыкавыя карткі.
Знікненне гаманца, які ляжаў у бакавой кішэні торбы, расіянін убачыў раніцай, калі прачнуўся. У той час у купэ ён быў ужо адзін, але з Мінска да Івацэвічаў з ім ехалі двое мужчын.
Паводле апісаных прыкметаў супрацоўнікі міліцыі затрымалі гэтых спадарожнікаў на аўтавакзале ў Пінску.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў Брэсцкай абласной міліцыі, крадзеж здзейсніў адзін з затрыманых — непрацоўны і раней судзімы за крадзеж жыхар Мінска.
Скрадзеныя грошы адабраныя, а гаманец з банкаўскімі карткамі знойдзены ў Івацэвічах непадалёк ад чыгуначнага вакзала. Заведзеная крымінальная справа.