Міліцыя канфіскавала кантрафактнай прадукцыі на мільён еўра
Гэта былі пераважна электратавары, мабільныя тэлефоны, вопратка і абутак.
МУС Беларусі падвяло вынікі міжнароднай аперацыі “Чорны Пасейдон”, скіраванай на барацьбу з парушэннямі ў сферы інтэлектуальнай уласнасці. Пра гэта паведамляе charter97.org са спасылкай на прэс-службу ведамства.
У выніку аперацыі беларускія праваахоўнікі выявілі 143 факты нелегальнага абарачэння тавараў, у тым ліку з прыкметамі кантрафактнасці і з парушэннямі правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці. Кошт канфіскаванай прадукцыі дасягае мільёну еўра (13,3 мільярда рублёў). Гэта ўдвая болей, чым у часе папярэдняй аперацыі “Чорны Пасейдон”.
Сярод канфіскату — мабільныя тэлефоны і аксесуары да іх, прадметы бытавой тэхнікі без дакументаў, якія пацвярджаюць легальнасць яе набыцця. Не меншым попытам сярод гандляроў нелегальным таварам карыстаюцца вопратка і абутак — затрымана каля васьмі тысяч адзінак такой прадукцыі на суму болей за 300 тысяч еўра.
Таксама канфіскавана 323 кілаграмы тытуню і 171 тысяча пачак цыгарэт коштам болей за 1,5 мільярда рублёў. Адабраная і кантрафактная аўдыё- і відэапрадукцыя, кнігі, запчасткі, гадзіннікі, касметыка, біжутэрыя і бытавая хімія.