Матч паміж "Шахцёрам" і БАТЭ па тэлевізіі пакажуць у запісе ў 1.30 ночы
Цэнтральны матч 24-га тура не будзе паказаны ў жывым эфіры на тэлеканале "Беларусь-2".
Раней паведамлялася, што матч пройдзе на стадыёне "Будаўнік" 22 верасня. Аднак потым па просьбе Белдзяржтэлерадыёкампаніі дату змянілі — 21-га а 17-й.
Потым, паведамляе афіцыйны сайт БАТЭ, факс з Беларускай федэрацыі футболу 13 верасня апавясціў, што па просьбе тэлевізійшчыкаў сустрэча адбудзецца ў суботу на дзве гадзіны раней, чым планавалася, — а 15-й.
Але раніцай 17 верасня БАТЭ атрымаў факс ад салігорскага "Шахцёра", з якога даведаўся пра трэці перанос матча. Ён пачнецца а 18-й у суботу, 21 верасня. У дадатак адменены "жывы" тэлепаказ паядынку.
Запіс пакажуць прыблізна ў 01.35, пасля заканчэння матча мужчынскага валейбольнага чэмпіянату Еўропы Беларусь — Італія.
Фота — fcbate.by