"Маскі шоу" па агенцтвах нерухомасці працягваюцца амаль увесь тыдзень

Агенцтва па нерухомасці "АН Фаттория" / yandex.ru
Амаль увесь тыдзень працягваюцца ператрусы ў агенцтвах нерухомасці. Пра гэта журналістам "Белсата" расказалі ўласныя крыніцы.
Як мінімум восем рэйдаў адбыліся 8 красавіка. На наступны дзень было зацішша, а 10 красавіка стала вядома пра рэйды як мінімум у яшчэ двух агенцтвах нерухомасці, 11 красавіка — пра яшчэ адзін рэйд. Гэта толькі вядомыя выпадкі.
"Прыходзяць адразу з "маскі шоў": усіх без разбору тварам у падлогу, ператрус, адабранне ўсёй тэхнікі і дакументаў. У некаторых кампаніях арыштавалі кіраўнікоў, у некаторых — яшчэ і бухгалтараў. Праз чатыры дні нікога з "вярхушак" кампаній не выпусцілі", — расказала журналістам адна з крыніц.
"Белсат" ведае назвы сямі агенцтваў, куды прыходзілі з ператрусамі.
Прычыны ператрусаў суразмоўцы тэлеканала дакладна не ведаюць. Кажуць, што сілавікі наведваюць і сярэднія кампаніі, і буйныя — са штатам у сотню чалавек. Таксама паведамляецца, што не ва ўсе рэгіянальныя офісы аднаго з агенцтваў прыйшлі сілавікі — некаторыя філіі спакойна працуюць далей.
Адна з крыніц тэлеканала мяркуе, што ператрусы праводзяць у рамках "дзяржаўнага рэкету" — каб папоўніць свой бюджэт за кошт прыватнага бізнэсу.
Экспертка ў сферы нерухомасці Наталля Літоўская ў сваім тг-канале піша, што затрыманні могуць быць звязанымі з ухіленнем ад падаткаў: "Прычына ператрусаў, па даных крыніц, — вывучылі гадавыя справаздачы па фінансавых паказчыках і заробках у агенцтвах нерухомасці. І прыйшлі да тых, каго падазраюць ва ўхіленні ад падаткаў, атрыманні грошай "міма касы" і выплаце заробкаў у канвертах".
Яшчэ адзін з супрацоўнікаў сферы нерухомасці мяркуе, што пад ператрусы трапілі кампаніі, якія завялі сабе "дублёраў". Фірма дзеліцца на дзве рыэлтарскія арганізацыі: адна працуе з прадаўцом аб'екта нерухомасці, а другая — з пакупніком. У выніку пакупнік плаціць агенту за паслугі, за якія ўжо заплаціў прадавец.
"Я не ведаю пра ўсе кампаніі, у якіх прайшлі ператрусы, але як мінімум трох з іх можна западозрыць у падобнай схеме працы — "Мариэлт" і "Группа компаний "Мариэлт", "7 этажей" і "Агентство недвижимости "7 этажей", а таксама "Фаттория Плюс". Якраз за стварэнне дублёра ў сакавіку 2024 года Мінюст Беларусі ўжо пазбавіў ліцэнзіі агенцтва па нерухомасці "АН Фаттория", — кажа крыніца.
"Белсат" адзначае, што частка офісаў агенцтваў нерухомасці, у якіх прайшлі "маскі шоу", аднавілі працу. Іншая частка яшчэ не працуе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.