Магілёўцы просяць мясцовыя ўлады разабрацца з заторамі
Адпаведны калектыўны зварот з 30 подпісамі быў накіраваны на імя старшыні Магілёўскага аблвыканкама Пятра Рудніка.
У звароце падпісанты звяртаюць увагу на тое, што ў горадзе не вырашаецца праблема з заторамі, найбольш вострая ў "гадзіны пік". У гэты час Магілёў становіцца суцэльным заторам.
Для вырашэння гэтай праблемы магілёўцы прапануюць высылаць на праблемныя ўчасткі супрацоўнікаў ДАІ, павялічыць шырыню дарог у праблемных месцах. Таксама прапануецца сінхранізаваць працу светлафораў, зрабіць дадатковыя аб’езныя дарогі і кантраляваць графік руху грамадскага транспарту.
Праблема з заторамі стала ў Магілёве катастрафічнай, калі быў закрыты на рамонт адзін з трох мастоў праз Дняпро. Цяпер рух праз мост часткова наладжаны, аднак праблема затораў застаецца актуальнай для гараджан. Найбольш праблемнымі месцамі для руху застаюцца праспект Міру, плошча Арджанікідзэ і Пушкінскі праспект.
Фота — xage.ru