Магілёўца за вынесены з крамы кошык аштрафавалі на 32 млн рублёў

49-гадовы магілёвец разам з аплачанымі прадуктамі забраў з крамы "Еўраопт" і кошык. Ён паклаў яго ў багажнік свайго ўседарожніка. Гэта заўважыў ахоўнік крамы, які падбег да мужчыны і запатрабаваў вярнуць маёмасць.

Магілёвец адказаў ахоўніку, што ніякага кошыка ў яго няма, і адмовіўся адкрываць багажнік сваёй машыны. Затым ён сеў у аўтамабіль і выехаў са стаянкі, ледзь не збіўшы пры гэтым ахоўніка, які спрабаваў заблакаваць выезд легкавіка.

Суд кваліфікаваў дзеянні мужчыны як адкрыты крадзеж маёмасці, які суправаджаўся пагрозай ужыцця гвалту, бяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелага. Мужчыну аштрафавалі на 32 млн 400 тысяч рублёў. Штраф ён ужо аплаціў, пішуць "Магілёўскія ведамасці".

Адметна тое, што кошт скрадзенага кошыка склаў усяго 35 тысяч рублёў, а зламыснікам аказаўся намеснік дырэктара прыватнай фірмы, якая зарэгістравана ў абласным цэнтры.