Лукашэнка знашоў "поўны бардак" у Мінскім раёне

Аляксандр Лукашэнка, ілюстрацыйнае фота / прэс-служба Лукашэнкі
Аляксандр Лукашэнка праехаўся па поўначы Мінскага раёна і выявіў там "поўны бардак". Пра гэта ён заявіў на нарадзе па пытаннях абыходжання з адходамі і выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Ён пацікавіўся, якія меры адказнасці ёсць парушэнне добраўпарадкавання. Яго абурылі неакошаныя ўчасткі, заваленыя платы, смецце на прысядзібнай тэрыторыі і падобнае.
"Вось я аб'ехаў у суботу ўсе вёскі поўначы нашага Мінскага раёна. Сеў і паехаў. Гляджу палі, гляджу, як вы там гаспадарнічаеце. Бардак поўны", — перадае дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Таксама ён заявіў, што Мінскі раён ператвараецца ў "отхожий район" сталіцы. Маўляў, дачнікі і жыхары малых гарадоў не ведаюць, куды выкідаць смецце, таму ўтвараюць стыхійныя звалкі. Дасталося і прэм'ер-міністру Аляксандру Турчыну, які яшчэ нядаўна ўзначальваў Мінскі аблвыканкам: "Вось я прэм'еру казаў — у яго вобласці ўчорашняй па Мінскім раёне. Проста на ўскраіне лесу, ніхто не абцяжарвае сябе: заехаў самазвал, выкінулі... Чаго толькі няма! Я спецыяльна спыніўся, паглядзеў: старыя халадзільнікі, пластмаса, шкло, разнастайнае бытавое смецце. Гэта пад Мінскам!"
Лукашэнка запатрабаваў, каб падтрыманнем парадку займаліся самі грамадзяне. Мясцовыя органы ўлады павінны дапамагчы толькі адзінокім пенсіянерам і інвалідам. А у каго ёсць здаровыя дзеці, унукі і гэтак далей — павінны несці адказнасць яны: "Не — рублём прымушайце".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.