У Лукашэнкі з'явілася "хітрая задума" наконт сітуацыі з бульбай

Бульба, ілюстрацыйнае фота

Бульба, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Пра сітуацыю з бульбай выказаўся Аляксандр Лукашэнка падчас адкрыцця Міжнароднага выстаўнага цэнтра ў Мінску.

Ён заявіў, што грамадзяне хочуць купляць прадукты па нізкіх цэнах, а сяляне зацікаўленыя прадаць тавар даражэй. Цэны на бульбу ў Расіі аказаліся ў некалькі разоў вышэй, чым у Беларусі, таму вытворцы арыентаваліся на расійскі рынак. Пра тое, што беларускія ўлады свядома не дазвалялі падняць цэны, ён не згадаў.

Лукашэнка прапанаваў беларусам месяц памучыцца. Ён заявіў, што мае свой план наконт гэтай сітуацыі. Разлік у тым, што дэфіцыт бульбы расцягнецца на некалькі гадоў:

"Вы думаеце, што ў Расіі ды іншых краінах, дзе сёння дэфіцыт бульбы, заўтра гэты дэфіцыт знікне? Не! Ён будзе яшчэ некалькі гадоў. Дык давайце, кажу, у нас ёсць насенная бульба, яшчэ месяц адмучаемся, камусьці яна можа не падабацца, але мы яе пасеем. Атрымаем у дзесяць разоў больш, чым пасеялі, і потым прададзім. Прададзім па добрай цане. Гэта такая хітрая, можа быць, сялянская задума".

Напярэдадні Камітэт дзяржкантролю анансаваў праверкі крамаў па ўсёй на наяўнасць у іх беларускай бульбы. Як гаворыцца ў паведамленні ведамства, кантраляваць будуць не толькі наяўнасць прадукту, але і кошты на яго. Таксама КДК стварыў гарачую лінію, куды можна будзе паскардзіцца на праблемы з бульбай у крамах. За парушэнні з бульбай КДК пагражае нават зачыняць крамы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.