Лукашэнка заявіў, што сёння ён не можа ісці супраць волі людзей (відэа)
У аўторак кіраўнік дзяржавы наведаў Барысаў. Там ён сустрэўся з прадстаўнікамі працоўных калектываў прадпрыемстваў абарончага сектару.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пакуль пенсійны ўзрост у Беларусі павышацца не будзе.
"Людзі не хочуць павышэння пенсійнага ўзросту, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Я не магу сёння ісці супраць волі людзей. Калі, вядома, сітуацыя ўскладніцца і я як эканаміст буду бачыць, што гэта для краіны кепска, тады я прама вам скажу: ці ў два, ці ў тры прыёмы, але давайце на 5 гадоў пенсіі адцягваць. Але пакуль мы такое пытанне перад сабой не ставім і такую праблему такім чынам вырашаць не збіраемся. Пакуль церпім".
Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што калі ўсё ж будзе рыхтавацца павышэнне пенсійнага ўзросту, ён "абавязкова сумленна і адкрыта" пра гэта раскажа людзям. А верагоднасць такая ёсць, паколькі ў Беларусі расце колькасць пенсіянераў.
"У нас жанчыны нараджаць не хочуць. Калі ў кожнай сям'і будзе трое дзяцей, мы вырашым усе праблемы", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Фота — sb.by