Лукашэнка: Вышэйшая адукацыя не рыхтуе тых, хто патрэбны эканоміцы
Аляксандр Лукашэнка патрабуе сысці ад учорашніх стандартаў у сістэме вышэйшай адукацыі.
Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе па пытаннях занятасці і міграцыі ў Беларусі, перадае БЕЛТА.
Многія спецыялісты, якія навучаліся за кошт бюджэту, застаюцца незапатрабаванымі. "І ўсё таму, што сістэма вышэйшай адукацыі грунтуецца на патрэбах учорашняга дня і не рыхтуе тых, хто рэальна патрэбны эканоміцы краіны. Але дзіўна, чаму сістэма вышэйшай адукацыі можа працаваць па учорашніх стандартах і рыхтаваць паводле патрэбаў учорашняга дня?" — запытаўся Лукашэнка. На яго думку, сістэма адукацыі павінна рыхтаваць па патрэбах сённяшняга дня, таму павінна атрымліваць выразную і канкрэтную замову.
Падрыхтоўка кадраў часцяком вядзецца без уліку ўдасканалення і мадэрнізацыі вытворчасці. Многія арганізацыі не могуць вызначыць замову на спецыялістаў нават на кароткатэрміновую перспектыву, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Фота — БЕЛТА