Лукашэнка сёння адкрыў рух на МКАД-2 (фота)

22 снежня ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці прайшла цырымонія адкрыцця руху на завяршаючым участку МКАД-2. У ёй паўдзельнічаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўніку дзяржавы распавялі пра перспектывы развіцця транспартнай інфраструктуры Беларусі, пра добраўпарадкаванне тэрыторый, прылеглых да другой кальцавой аўтадарогі (раней ён неаднаразова звяртаў на гэта ўвагу). Лукашэнка даручыў распрацаваць план па рэканструкцыі аўтамабільных дарог мясцовага значэння. Ён прызнаў, што кідаючы значныя сілы на "асноўныя артэрыі", менш значным аўтадарогам надавалі значна менш увагі. У бліжэйшыя месяцы мусіць прайсці нарада, прысвечаная гэтай праблеме, інфармуе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, грошы для рамонту дарог, як плануецца, прадаставіць "адзін з банкаў". Іх будуць вяртаць за кошт дзяржпошліны, якую плацяць беларусы за допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху.
На цырымоніі адкрыцця МКАД-2 Лукашэнка таксама заявіў, што другую ўзлётна-пасадачную паласу ў Нацыянальным аэрапорце Мінск трэба пабудаваць сіламі айчынных будаўнічых арганізацый. "Што за праблема? Там, па-мойму, пласт не 40 см, а 80 см. Няхай метр. Што мы не пакладзем бетон? Пакладзем", — сказаў кіраўнік Беларусі.
Агульная працягласць новай кальцавой сталіцы складае каля 160 кіламетраў (72 км сумешчаныя з існуючымі аўтадарогамі).