Лукашэнка сустрэўся з дэлегацыяй Еўрасаюза

У панядзелак, 21 лістапада, Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з дэлегацыяй Еўрасаюза. Яна складаецца з прадстаўнікоў Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС, еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і Еўракамісіі.
Як інфармуе БЕЛТА, кіраўнік дзяржавы падчас сустрэчы заявіў, што бачыць унікальны шанец для развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з ЕС. Ён адзначыў пазітыўныя змены ў беларуска-еўрапейскіх адносінах. У той жа час Лукашэнка сказаў, што перад нашай краінай не стаіць і не можа стаяць выбар паміж Усходам і Захадам.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў запусціць міратворчы "мінскі працэс" для ўрэгулявання адносін паміж Усходам і Захадам.
"Беларусь усё больш ўспрымаецца як полюс стабільнасці ў рэгіёне, — сказаў падчас сустрэчы Лукашэнка. — І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Наша краіна — адзіная з шасці удзельніц "Усходняга партнёрства", дзе адсутнічаюць ваенныя і замарожаныя канфлікты".