Лукашэнка раскрытыкаваў спартыўны тэлеканал "Беларусь 5"

Лукашэнка раскрытыкаваў спартыўны тэлеканал "Беларусь 5"

Аляксандр Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў тэлеканал "Беларусь 5" падчас свайго выступу на Алімпійскім сходзе 30 траўня ў Мінску. 

Кіраўнік дзяржавы даручыў вярнуцца да стварэння яшчэ аднаго тэлеканала, запуск якога планавала Беларуская федэрацыя футбола. Лукашэнка мяркуе, што дадатковая канкурэнцыя дапаможа ўдасканаліцца і дзяржаўнаму тэлеканалу "Беларусь 5". 

"У нас "Беларусь 5" — канал, будзем казаць адкрыта, ніякі. Яны па дзесяць разоў круцяць адну і тую ж гульню нянашых спартоўцаў. Ну, добра, паказалі ў паўфінале, фінале — гэта вялікія спартоўцы. Але амаль з кваліфікацыі бяруць гэтых спартоўцаў — хто гэта глядзець будзе?" — цытуе БЕЛТА словы беларускага кіраўніка. 

Старшыня футбольнай федэрацыі Сяргей Румас падкрэсліў, што, напрыклад, у Польшчы, ёсць каля 50 спартыўных тэлеканалаў, прычым частка з іх прысвячаецца толькі футболу. Па яго словах адзін тэлеканал проста не ў стане паказваць нават частку беларускага спорту.

"Ніколі "Беларусь 5" не зможа паказаць вышэйшую лігу ўсю аб'ектыўна. Мы хочам зрабіць канал на базе Setanta Sport, які ўжо ёсць у кнопках. І мы, напэўна, адзіная федэрацыя, якая ў стане падцягнуць гэты капіталаёмісты праект", — выказаў меркаванне Румас.