Лукашэнка: Патрабаванні пра занятасць і рост заробкаў — гэта не папулізм

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што яго патрабаванні пра забеспячэнне занятасці, рост заробкаў і кантроль за коштамі — гэта не папулізм. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на сустрэчы са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Міхаілам Ордам, перадае БЕЛТА.
"Напэўна, вы, Міхаіл Сяргеевіч, і нашы прафсаюзы мяне не проста падтрымліваеце ў маіх асноўных патрабаваннях, але і ўспрымаеце іх як фундаментальныя і асноўныя: занятасць, рост заработнай платы, коштаўтварэнне. Гэта сацыяльныя крытэрыі, сацыяльныя праекты, можам так сказаць, прэзідэнта. Не трэба думаць, што гэта нейкі папулізм ці не мае нічога агульнага з эканомікай", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Ён дадаў, што заробкі мусяць быць сапраўды заробленыя, а для гэтага трэба, каб належным чынам функцыянавала вытворчасць.
Гаворачы пра занятасць, Лукашэнка заявіў, што калі не стварыць працоўныя месцы для людзей, то з'явіцца хваля злачыннасці. "І давядзецца плаціць значна больш, каб гэта знівеляваць і прыбраць гэтую страшную з'яву з нашага грамадства. Чалавек працуючы рэдка становіцца злачынцам", — канстатаваў беларускі кіраўнік.
Таксама Лукашэнка падкрэсліў, што ў краіне няма падстаў для росту коштаў. А калі хтосьці неапраўдана павышае кошты, дык гэта робіцца дзеля ўласнай нажывы, мяркуе ён. "Там, дзе ёсць вузкія месцы ў коштаўтварэнні, мы іх бачым, ведаем. І калі дзяржаўныя органы, урад гэта не заўважаюць, то прафсаюзы павінныя дапамагчы", — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Дарэчы, Федэрацыя прафсаюзаў з траўня 2017 года маніторыць коштаўтварэнне ў беларускіх крамах. Беларускі кіраўнік пацікавіўся вынікамі маніторынгу, а таксама прычынамі росту коштаў, калі ён ёсць. Як прыклад ён згадаў павышэнне кошту на праезд у электрычках і цягніках. "У нас жа ў электрычках ездзяць небагатыя людзі, таму адкуль гэта? І вы павінны тут вельмі жорстка праводзіць гэтую лінію. Бракуе улады — інфармуйце мяне, але гэтыя пытанні павінны быць пад кантролем", — заявіў Лукашэнка.