Лукашэнка: Настаўнік — самы галоўны чалавек у грамадстве (відэа)
У пятніцу Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з фіналістамі рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў "Настаўнік года".
Ён падкрэсліў найважнейшую ролю прафесіі настаўніка ў сучасным грамадстве. "Мы жывем у дынамічны час, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Удасканальваецца сістэма адукацыі, узбагачаецца яе змест, укараняюцца новыя тэхналогіі, але пры гэтым нязменнай застаецца вялізная роля настаўніка. Няма важнейшага ў грамадстве чалавека, чым настаўнік. Без настаўніка не можа быць нармальнага грамадства і дзяржавы".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сапраўдны настаўнік — гэта не толькі пісьменны выкладчык, але і цікавы чалавек, які здольны захапіць дзяцей сваім прадметам. "Наша галоўная мэта — зрабіць так, каб айчынная сярэдняя школа заўсёды адпавядала патрабаванням часу", — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў аб'ектыўна разабрацца ў існуючых праблемах сферы адукацыі.
Таксама на сустрэчы Лукашэнка падняў пытанне ўзаемаадносінаў школы і сям'і. Кіраўнік дзяржавы звязвае негатыўныя праявы ў грамадстве з недаглядам у школьным выхаванні.