Лукашэнка — Мірзіёеву: вы ў цэнтры Азіі, а мы ў цэнтры Еўропы

Лукашэнка — Мірзіёеву: вы ў цэнтры Азіі, а мы ў цэнтры Еўропы

У Палацы Незалежнасці ў Мінску прайшла афіцыйная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым.

Падчас сваёй прамовы Лукашэнка заявіў, што за апошні час Беларусь і Узбекістан цалкам абнавілі свае адносіны. "Літаральна за апошнія два гады мы з вамі цалкам перавярнулі нашы адносіны. Увогуле пераварочваць асабліва няма чаго было, трэба было проста зноўку іх ствараць. І за два гады мы зрабілі, на шчасце, значна больш, чым за папярэднія дваццаць пяць гадоў нашых адносін", — цытуе прэс-служба Лукашэнкі яго словы.

Напярэдадні кіраўнікі дзяржаў сустракаліся ў дзяржаўнай рэзідэнцыі "Заслаўе". Беларускі кіраўнік распавёў, што замест вячэры яны доўга размаўлялі: "Мы з вамі планавалі учора ў мяне дома павячэраць, а атрымалася так, што больш за палову часу надалі нашым адносінам і асабліва таму, як пазіцыянуюцца ў сучасным свеце Узбекістан і Беларусь, што адбываецца вакол нашых дзяржаў. На наша здзіўленне, выявілі абсалютна падобныя тэндэнцыі: вы знаходзіцеся ў цэнтры Цэнтральнай Азіі, мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы. З гэтым звязаны нашы перавагі і нашы праблемы. Гэтаму мы ўчора надалі вялікую ўвагу ў нашых перамовах".

Абодва кіраўнікі дзяржаваў пагадзіліся, што трэба даць ініцыятыву кіраўнікам рэгіёнаў, а тыя паміж сабой дамовяцца, якія праекты развіваць.